Asnoru (asnoru) wrote,
Asnoru
asnoru

Category:

Маё апавяданне "Наталка"

2006 г.

Я не вяла дзённічак з маіх пятнаццаці гадоў. А цяпер мне (страшна пісаць нават) ужо дваццаць пяць. Хаця... Не варта тут хлусіць хаця б самой сабе. Мне нават крышачку больш, чым... дваццаць пяць... Добра... хопіць пра ўзрост. Што ж мне яшчэ такое тут напісаць? Мабыць, пачну з пачатку. Я хачу трэніраваць гэтую іх мову. Ну беларускую. Размаўляць у мяне атрымліваецца зусім дрэнна, але пісаць магу крышачку лепей... Таму гэты дзённік будзе строга на беларускай. Гэта я сабе абяцаю. Шчырае слова! О! Здаецца, прыйшоў Антошык. Працягну потым.

***

Зрабіла Антошыку абед. Кахаю яго... бубачку. Ну дык вось! Я хачу трэніраваць гэтую іх мову, таму што баюся Гэтых. Іх усё больш вакол і неяк мне стала здавацца, што яны могуць узяць і... ну... як бы гэта напісаць та... Кароч, баюся, што яны стануць кіраваць, а не мы. Мой Антошык працуе на пасадзе, ну і я пры ім - дапамагаю. Быць жонкай чыноўніка нялёгка, хоць усе думаюць, што нават вельмі лёгка. Ну я яшчэ далей напішу пра свае цяжкасцi.

***

Я спрабавала ўгаварыць Антошыка таксама вучыць гэтую іх мову. Але ён пакуль упіраецца. Хоць кажа, што і так яе ведае. Я папрасіла яго паразмаўляць. Ён сказаў мне: «Я очань добра владзею мовай майго народа, але счытаю, што патрэбна уважаць правы людзей, якия хочуць гаварыць па рускай, тым больш, што гэт гасударственны язык». Мне здаецца ў яго атрымалася не вельмі добра. Так што буду спрабаваць прымусіць яго вучыцца.

***

Антошык купіў мне Victoria's Secret!!!! А-а-а-а!!!! Я проста шчаслівая. Сказаў, каб я толькі адчапілася ад яго са сваёй мовай. Ну так і быць, дзеля такога можна і адчапіцца. Пабягу мераць.


***

Я расчараваная. Гэтыя майты так рэжуць мне азадак, што я проста не магу нармальна хадзіць. Ды і станік мне замалы. Але яны такія прыгожыя!!! Што ж рабіць? Як вось вырашыць такія праблемы? Як крыўдна...


***

Я ўсё яшчэ перажываю з-за майтак. Якая дурната. Гэта Антошык вінаваты! Ён жа ведае мой памер. Якая ж ён сволач!!!


***

Я доўга сварылася з Антошыкам і ён сказаў, што памер правільны, а проста я за апошні час рэзка паправілася. Я паглядзела на яго так, што ён хутка ўцёк на кухню. Як мужык наогул можа рабiць такія дзіцячыя памылкі? Ён жа ведае, што цяпер не атрымае чаго хоча мінімум тыдзень.

***

Прайшло толькі тры дні, а я ўжо і сама вельмі хачу. А гэты гад робіць выгляд, што ўсё нармальна і спіць на канапе. Ненавіджу!!! Каб забыць пра тое я стала рабіць карысную справу. Я знайшла ў падвале нашага дома стары чырвоны сцяг, цiпа як савецкі, і выразала з яго палоску. Зараз трэба яшчэ дзве белых (трэба будзе парэзаць прасціну) і з гэтага ўсяго атрымаецца гэты іх БЧБ.

***

Антошык разлютаваўся!!!! Ён крычаў, што чырвоны сцяг яму перайшоў ад дзеда. Нарэшце гэты паразіт перажывае. Аха-ах-ах.


***

Мінулай ноччу мы некалькі разоў з Антошыкам памірыліся. Цяпер у мяне такi добры настрой з раніцы. Я прама як котачка. Мур-мур-мур. Ноччу, адразу пасля сэксу, Антошык сказаў мне: «Власть должна так любить свой народ, как я только что любил тебя!» Мой муж, напэўна, усё-такі вельмі разумны. Я ў захапленнi. Зараз трэба прымусіць Антошыка сфоткацца з гэтым іх БЧБ.

***

Ну і доўга жа ён упіраўся. Але ўсё ж такі пагадзіўся сфоткацца. Я ўстала каля яго, мы накрыліся БЧБ, а мой пляменнік нас сфоткаў. Зараз гэтую фотку можна прыхаваць, а калі Гэтыя возьмуць ды ўсё захопяць мы з Антошыкам пакажам ім фотачку. Якая я разумніца. Ля-ля-ля. Я проста геній!


***

Я хадзіла рабіць інтымную стрыжку, і майстар сказала: «Наталля, у вас самая прыгожая пiсачка, што я бачыла...» Я яшчэ ніколі так не ганарылася сабой.


***

Ну вось, здаецца, пачынаецца. Тут Антошык вырашыў знесці ў горадзе нейкі стары дом. Развалюху, прама скажам, а Гэтыя падаслалі нейкіх цiпа гісторыкаў-херорыкаў і яны Антошыку параць мозг, што вось гэтая старызна - гістарычная каштоўнасць. Ну блін... Тут нешта не так. Я доўга глядзела на гэты домік. Як ён можа быць каштоўным, калі ў яго нават сцены пафарбаваныя ў страшненькi колер. Проста яны нешта там такое прыдумляюць. Як страшна! А тут яшчэ дом прыбіраць. Ненавіджу ўборку. І як я адна магу спраўляцца ў такім вялікім доме нават без прыслугі - сама не ведаю.


***

Антошык усё-ткі знёс тую халупу. На гэтым месцы павінен быць нейкі ГЦ. Гэта ж добрая ідэя. А Гэтыя ўсё гарлапаняць. Яны прам вышчэрыліся на Антошыка. Пайду вып'ю Хэннассi. Мне гэта вельмі патрэбна.


***

Яны працягваюць ганіць Антошыка і плакаць аб сваім доме. Адкуль толькі бяруцца такія дэбілы!!! Ненавіджу!!!


***

Што ж гэта робіцца... Сёння ноччу Антошык разбудзіў мяне і сказаў, што яму прысніўся гэты знесены дом. Ён не мог супакоіцца. Сказаў, што і не памятае, каб яму сніўся такі страшны кашмар. Бедны бубачка.


***

Сёння Антошык доўга стаяў і глядзеў на наш антыкварны гадзіннiк з зязюляй, а потым сказаў, што ён нагадвае яму той дом. Ды што такое з ім адбываецца? Я пачынаю па-сапраўднаму хвалявацца.


***

Жах!!! Жах!!! Жах!!! Антошык кожную ноч бачыць у сне той дом. Ён зараз наогул амаль не спіць. Толькi зможа заснуць, як аказваецца ў тым мярзотным доме, а потым гэтую халупу пачынае бурыць экскаватар. Антошык крычыць: «Не трэба бурыць! Тут жа чалавек! Патрабую спыніцца!» Але экскаватар усё роўна бурыць і бубачка адчувае, як правальваецца кудысцi пад зямлю, а зверху на яго бам-бам - сыплюцца цаглiны. А потым ён раптам стаіць у пакоі з чорнымі калонамі і вогненным камінам, а перад ім мужык з сівой барадой, які бубніць: «Казалі ж вам, што каштоўнасць. Цяпер будзеце адбудоўваць!» І Антошык раптам на тым месцы аказваецца, дзе дом стаяў, а перад ім куча цэглы, а зверху голас крычыць: «Адбудоўвай, падла такая!» І ён палохаецца, пачынае сцены складваць з цаглінак, сам сваімі ручкамі, а як толькі складзе сценку вышэй метра, так яна і знікае, а побач мужык з барадой сядзіць ды рагоча.


***

Прайшоў месяц, а Антошык усё такі ж. Не спіць, не есць - згасае. Што ж мне рабіць? Гэтыя ўсё буяняць і крычаць пра свой дом. Здаецца, патрэбныя радыкальныя меры.


***

Мой бубачка стаў дзесьці знікаць. Няўжо кагосьці завёў? Як жа быць? Антошык, міленькі. Толькі не кідай мяне. Я не хачу працаваць па спецыяльнасці. Ужо і не магу ўявіць сябе на касе ў гіпермаркеце.


***

Я распачала радыкальныя меры. Ну набіла сабе кой-куды гэтую іх Пагоню. Хадзіла ў самы лепшы тату салон. Майстар прама так моцна здзівіўся, але адгаворваць не стаў. Цяпер калі Гэтыя да нас уварвуцца і пачнуць з мяне адзежку здзіраць, каб згвалціць, то ўбачаць яе... Пагоню гэтую. Можа быць дапаможа. Што ж рабіць мне, а??? Так страшна... Я плачу...


***

Ура!!! Як выдатна!!! Нарэшце Антошык прыйшоў у сябе. Есць, спіць і нават са мной трохі пасваволіў, гарэза. Сказаў, што знайшоў сродак пазбавіцца ад сноў пра гэты дом. Ух, і напалохаў жа мяне бубачка. Вось толькі ён не кажа, што гэта за сродак ад кашмарыкаў. Сказаў, што на выхадных паедзем на наш пяты ўчастак: у нас там будзе пятая дача. І там, на ўчастку, я і даведаюся як ён вылечыўся, бубачка мая.


***

Я тут ахранела. Ахранела я проста! Ён прывёз мяне на ўчастак і аказалася, што ён ужо і пабудаваў дачу. Дачу? Калі б дачу! Ён пабудаваў гэтую самую халупу, якую ў горадзе знёс. Кажа, што сцены сваімі рукамі складваў. Вось ён, аказваецца, дзе знікаў, нягоднік. А галоўнае - домік адзін у адзін як той, які знеслі... Вось такая ў нас зараз задрыпанная пятая дача. Ну Антошык... Псіх! Ладна. Здаецца, я ўжо досыць патрэніравала гэтую мову. Заўтра ляцім на Балі, а калі вярнуся можа быць працягну пісаць. А можа быць і не. З маім манікюрам клацаць вельмі нязручна.
Tags: моя проза
Subscribe

Posts from This Journal “моя проза” Tag

  • Post a new comment

    Error

    default userpic
    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 2 comments