
Мой аповяд аб сенсацыйнай знаходцы яшчэ аднаго помніка старажытнай Гарадзенскай школы дойлідства.

Ужо 7 ліпеня, праз кароткі час пасля выяўлення сцяны, я быў на раскопках і пагутарыў з дзяўчынай што ажыццяўляла арх. нагляд. Звалі гэтага маладога археолага Анастасія Касцюкевіч і яна рэпрэзентавала НАН Беларусі. Не магу сказаць, што дзяўчына была мне рада. Трымалася яна насцярожана, як быццам гаворка ішла аб нейкім ваенным аб'екце павышанай сакрэтнасці.:) Я, вядома, загаварыў пра сенсацыю... аднак наглядчыца паўтарала адно і тое ж: "Пакуль рана казаць..." Я стаў гаварыць пра бяспеку помніка, якую яна і паабяцала. Акрамя таго пацвердзіла, што яны выграблі велізарную колькасць аскепкаў галаснікоў. 15 ліпеня я правёў у траншэй амаль паўгадзіны. Я даследаваў плінфу з мэтай выяўлення знакаў, падобных тым, што маюцца на Каложы або княжым цераме, але ніякіх знакаў не было. Муроўка досыць якасная, як і ў Ніжняй царквы і Каложы. Нішто не паказвала на паўторнае выкарыстанне цэглы. З боку вуліцы Гарадзенскага ішла як бы яшчэ адна сценка, прычым складзеная з камянёў, вонкавая паверхня якiх зроблена гладкай (але не адпаліраванай), відавочна, з эстэтычных меркаванняў. Знайшоў крыху цікавай керамікі i паклаў яе пад дрэўца, дзе ўжо ляжалі адабраныя з агульнай кучы, больш цікавыя ашчэпкi. Аскепкаў керамікі і плінфы сапраўды было вельмі шмат. 21 ліпеня рэшткі муроў ужо былі закрыты спецыяльным матэрыялам, а пазней засыпаны пяском.
Што ж за аб'ект быў знойдзены на Новым замку? На мой погляд гэта арыгінальны мур старажытнага Гарадзенскага княства, гэта значыць яшчэ адзін помнік Гарадзенскай школы дойлідства. Сценка з плінфы вельмі тонкая і саступае ў таўшчыні сценам іншых вядомых помнікаў даўняга наднёманскага княства, такім чынам дарэчна казаць, што аб'ект не меў вялікіх памераў. Вялікая колькасць галаснікоў дазваляе меркаваць, што будынак быў храмам, але пры гэтым храмам адрозным ад іншых вядомых помнікаў царкоўнага дойлідства старажытнага Гарадзена.
Дапушчальна меркаваць, што на гравюры Цюндта ёсць тая самая царква

У раскопках знойдзена таксама маёліка, якая выкарыстоўвалася для ўпрыгожвання фасадаў і стварэння выдатных узорыстых падлог у будынках. Дарэчнай выглядае і версія грамадзянскага будынка. Яшчэ адзін каменны грамадзянскі будынак быў бы, мабыць, яшчэ большай сенсацыяй, чым яшчэ адзін храм.

Археолагі абяцалi хутка аднавіць раскопкі з мэтай адкрыця таямніцы гэтага унікальнага помніка. Ці будзе так на самой справе, пакажа час.



