Asnoru (asnoru) wrote,
Asnoru
asnoru

Гарадзенская Верхняя царква - найстарэйшы храм ВКЛ?

Верхняя церковь 1.jpg
Верхняя царква - невялікі гатычны храм, які існаваў у гродзенскім Старым замку, на месцы больш ранняга храма - Ніжняй царквы. Цэлым шэрагам даследчыкаў будынак быў аднесены да самога ранняга перыяду ВКЛ - XIII стагоддзя. Прызнанне дакладнасці такой датыроўкі фактычна азначала б прызнанне царквы найстарэйшым пэўна вядомым рэлігійным аб'ектам Вялікага княства, але ці так гэта на самай справе?

Гэты пост на S-13


Невялікая гатычная капэла была ўзведзена ў Гродне на руінах старажытнарускага храма, так званай Ніжняй царквы. Пасля адкрыцця рэшткаў будынка яго фрагменты былі распілаваныя і перанесены ў асобны павільён. Першыя даследчыкі храма - польскія археолагі Ю. Ядкоўскі і Я. Вайцяхоўскі, датавалі храм XIII стагоддзем. Літоўскія даследчыкі С. Абрамаўскас, В. Левандаўскас таксама адносілі храм да гэтага перыяду. На аснове аналізу цэглы будынка, іншыя даследчыкі, у прыватнасці А. Трусаў, прыйшлі да высновы, што храм пабудаваны на мяжы XIII - XIV. То бок, датыроўка храма перыядам XIII стагоддзя можа лічыцца прынятай многімі спецыялістамі. Аднак савецкі археолаг М. Варонін, у сваёй фундаментальнай працы «Старажытнае Гродна», пераканаўча даказваў іншую датыроўкі будынка.

№3.jpg

Праз некаторы час пасля разбурэння Ніжняй царквы ў яе падмурках існаваў свайго роду элітны некропаль, даследаванні некалькіх пахаванняў якога, даюць падставы датаваць іх XIII - XIV стагоддзямі. Пасля ўваходжання Гродзенскага княства ў склад ВКЛ, месца старажытнага храма па-ранейшаму заставалася ўшанаваным, пра што сведчыць наданне руінам статусу могілак для феадалаў. Менавіта тут, ёсць падставы меркаваць, і быў пахаваны выбітны ваенны дзеяч ВКЛ - Давыд Гарадзенскі. Затым гэты замкавы некропаль быў засыпаны магутным пластом камянёў і грунту, пасля чаго на зробленай такім чынам «падушцы» пачалося ўзвядзенне Верхняй царквы.

2.jpg
З кнігі "Старажытнае Гродна"
Калі ж пачалося будаўніцтва гатычнага храма? Як паказвае Варонін пласты пажару 1398 года, якi часткова знішчыў замак, спускаюцца на руіны Ніжняй царквы, якая размешчана, да таго ж, вышэй за ўзровень бруку часоў Вітаўта. Гэтыя дадзеныя могуць быць падставай для датыроўкі храма перыядам канца XIV пачатку XV стагоддзя. Такую датыроўку і прапаноўваў Варонін, у адрозненне ад польскіх і літоўскіх даследчыкаў, прыводзячы для яе салідную доказную базу. Што тычыцца датыроўкі Трусава на аснове параўнальнага аналізу будаўнічых матэрыялаў гарадзенскага аб'екта і іншых будынкаў перыяду сярэднявечнага ВКЛ, то можна ўлічыць, што асноўны аб'ём Верхняй царквы пабудаваны вельмі неахайна, з розных тыпаў цэглы, у тым ліку плінфы, характэрнай для перыяду Старажытнай Русі. Гэта дае падставы лічыць, што храм быў спехам збудаваны з рэшткаў больш ранніх каменных пабудоў, то бок цэгла павінна быць значна старэйшай за храм, не кажучы ўжо пра сумнеўнасць дакладнасці канкрэтнай "цаглянай" датыроўкі.

На аснове вышэй выкладзенага, можна меркаваць наступную храналогію падзей. Пасля разбурэння Ніжняй царквы, яшчэ ў XII стагоддзі, руіны храма пачынаюць служыць элітнымi могілкамі, і на працягу XIII - XIV стагоддзяў там хаваюць важных дзяржаўных дзеячаў, у тым ліку Давыда Гарадзенскага. У часы Вітаўта рэшткі Ніжняй царквы ўсё яшчэ бачныя ў двары замка, але пасля разбуральнага пажару, у якім ледзь не загінуў сам вялікі князь, прынята рашэнне аб збудаванні новай каменнай цытадэлі, у будаўніцтве якой выкарыстоўваецца, у тым ліку, старая цэгла з развалаў будынкаў на Замкавай гары. Месца Ніжняй царквы засыпаецца і на атрыманай аснове ўзводзіцца, таксама з ужываннем старой цэглы, невялікая замкавая капэла - гатычная Верхняя царква. Пазней яе дарабляюць, спаруджаючы гатычныя перакрыццi.

1.jpg
З кнігі "Старажытнае Гродна"
Яшчэ адной дэталлю з'яўляецца наяўнасць побач з храмам сьцяны, аналагічнай ахоўнай сцяне часоў Вітаўта, што агароджвае дзяцінец. Варонін робіць здагадку, што храм быў абгароджаны. Магутны падмурак гэтага аб'екта дазваляе меркаваць, што сцяна была досыць высокай і мела абарончы характар. Царква, якая можа ўтрымліваць багатыя прадметы набажэнстваў, магла стаць прынадай для ворагаў у выпадку захопу замка, таму ўмацаванне гэтага будынка выглядае лагічным. Акрамя таго, умацаваны пункт ўнутры цытадэлі, нездалёк ад знешніх сцен замка, мог служыць дадатковым рубяжом абароны. Можна меркаваць, што Верхняя царква, з яе ўмацаваннямі, ўяўляла з сябе свайго роду невялікі замак унутры замка.

У выпадку адмовы ад павабнай для некаторых даследчыкаў, але дрэнна абгрунтаванай датыроўкі перыядам XIII стагоддзя, храм ужо не можа прэтэндаваць на званне найстарэйшага ва ўсім ВКЛ. Аднак ён старэй і касцёла ва Уселюбе, які лічыцца некаторымі найстарэйшым каменным касцёлам на тэрыторыі РБ, і тым больш цэркваў у Сынкавічах і Мураванцы. Гарадзенская Верхняя царква можа прэтэндаваць на званне найстарэйшага каменнага храма ВКЛ, сярод пабудаваных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

P.S. Kаментарыі "спецыялістаў".:)
s 13.jpg
Tags: архитектура Гродно
Subscribe

Recent Posts from This Journal

  • Post a new comment

    Error

    default userpic
    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 3 comments