
На старадаўняй мапе Еўропы, званай Europa Regina (Каралева Еўропа), адзначаны найбуйнейшыя еўрапейскія гарады. Ад Францыі прадстаўлены Парыж, ад Англіі - Лондан, ад Польшчы - Кракаў. ВКЛ прадстаўляе Гродна. Але чаму не Вільня, а Гродна прадстаўляе дзяржаву продкаў беларусаў? Можна пашукаць адказ на гэтае пытанне.
Europa Regina уяўляе з сябе так званую антрапаморфную (падобную чалавеку) мапу. Жаночая фігура ў кароне, адсылае да міфа аб царэўне Еўропе, якая дала імя цэлай частцы свету. Ствараліся таксама і заоморфныя (падобныя жывёлам) мапы. Першым варыянтам мапы Europa Regina лічыцца выдадзены ў 1537 годзе ў Парыжы. Яго аўтарам стаў Ёханэс Путч. На мапе ёсць назвы дзяржаў і іх гербы, адзначаны буйныя рэкі, паказаны значныя гарады.

Мапа цесна звязана з паэмай Путча Europa lamentans (Скаргі Еўропы). Паэма ўтрымлівае ключ да разумення сімвалізму мапы, у гэтым творы Еўропа паўстае ў якасці жалючыйся жанчыны, якую прапаноўваюць туркам і татарам. Гродна з'яўляецца на карце 1587 года, выпушчанай у Кёльне Куадам і Бассемахерам. Гэта досыць блізкая копія больш ранняй працы Путча. Найважнейшы горад ВКЛ далучыўся да кампаніі найгалоўнейшых гарадоў Еўропы, такіх як Рым, Венецыя, Парыж, Прага. Чаму ж менавіта Гродна, а не Вільня прадстаўляе ВКЛ у гэтым, свайго роду, элітным клубе? Гіпатэтычны адказ на гэтае пытанне можна даць, адштурхваючыся ад даты публікацыі мапы, гэта 1587 год. У 1586 годзе ў Гродна памёр кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый. У канцы жыцця ўладар быў увенчаны славай, якая не пацьмянела і пасля яго смерці. Знакаміты палкаводзец, які перамог арміі Івана Жахлiвага, праславіў не толькі сваё імя і Рэч Паспалітую, але і сваю любімую рэзідэнцыю - Гародню.

У розных публікацыях шмат гаворыцца пра тое, што Баторый ператварыў Гродна ў фактычную сталіцу Рэчы Паспалітай, дадзеную мапу на якой менавіта Гродна, а не Вільня прадстаўляе ВКЛ, можна разглядаць як дакументальнае пацверджанне высокага статусу горада, вядомага і ў Заходняй Еўропе. Менавіта Гродна, нароўні з Кракавам, адзначаны у рэгіёне Рэчы Паспалітай, валадаром якой быў ахвочы да горада над Нёманам Баторый.